УНУ́ТРАНЫЯ РАЎНІ́НЫ,

група акумулятыўных раўнін у цэнтр. частцы Паўд. Амерыкі. Размешчаны на месцы тэктанічнага прагіну паміж Бразільскім пласкагор’ем на У, Андамі на З і Патагоніяй на Пд ад 10° да 39° паўд. ш. Уключаюць раўніны Мамарэ, Пантанал, Гран-Чака, Міжрэчча і Пампу. Выш. ад 50 м на У да 600 м на З. Складзены з магутнай тоўшчы дэлювіяльна-алювіяльных адкладаў, сярод якіх выхады больш трывалых парод, што ўтвараюць падняцці выш. да 1200—1400 м; на Пд пашыраны лёсы. Характэрна паслядоўная змена занальных тыпаў ландшафтаў ад субэкватарыяльных лясоў і саваннаў на Пн, праз трапічныя рэдкалессі ў цэнтры да субтрапічных саваннаў, прэрый і стэпаў на Пд. Уздоўж рэк Парагвай і Парана — пояс забалочаных лясоў.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)